Дэсаветызацыя Магілёва, ці што рабіць з назвамі вуліц

Каля дзясятка грамадскіх актывістаў і навукоўцаў прынялі ўдзел у круглым стале «Дэсаветызацыя і захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны Магілёва».

Уладзімір Лапцэвіч, фотаздымкі – Алесь Сабалеўскі, 6tv.by
Мерапрыемства прайшло 24 кастрычніка ў грамадскім цэнтры «Кола» пад эгідай ініцыятывы «Грамадскі магістрат». Паводле яго прадстаўніка, які адкрыў круглы стол, Зміцера Салаўёва, да вяртання гістарычных назваў вуліцам і плошчам гораду трэба рыхтавацца ўжо зараз, хоць гэта і можа камусьці падацца заўчасным.


Яго думку працягную кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін, які назваў дэсаветызацыю магілёўскай тапанімікі адной з найважнейшых спраў на бліжэйшы час.


Паводле гісторыка, данае мерапрыемства рыхтавалася на канец жніўня – пачатак верасня Цэнтральнай гарадской бібліятэкай, але не было падтрымана ўпраўленнем культуры Магілёўскага гарвыканкама. На думку чыноўнікаў, няма чаго абмяркоўваць, якім чынам захоўваецца гістарычная і культурная спадчына ў Магілёве. «Але мне здаецца, што дэсаветызацыя – гэта адна з галоўных задач, якая стаіць перад намі, перад грамадскасцю», – заявіў гісторык.


Ён узгадаў, што з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя былі зроблены сур“ёзныя і значныя крокі ў гэтым напрамку – замацаваны ў свядомасці гараджан сучасны афіцыйны герб Магілёва ўзору 1661 года, адбудавана Ратуша, магілёўцы ведаюць пра тое, што горад меў Магдэбургскае права, бо штогод актывісты праводзяць адпаведныя мерапрыемствы. Да таго ж на будынку Магілёўскага гарвыканкама месціцца дошка з пазначэннем даты надання ў XVI стагоддзі права на самакіраванне. У сваю чаргу прыняты некалькі гадоў таму «Магілёўскі тапанімічны маніфест» заклаў падмурак для працы па вяртанні гістарычных назваў вуліцам і плошчам городу. А вяртаць ёсць што.


Так, паводле прыведзенага прафесарам Аляксандрам Агеевым даследавання, большасць тапанімаў у Магілёве датычны рускай і савецкай гісторыі і культуры, камуністыным дзеячам, падзеям, з“вязаным з апошняй вайной альбо Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Такім чынам у горадзе пераважаюць савецкія назвы, з чаго Магілёў, калі знаёміцца з ім па вуліцах і плошчах, цяжка назваць беларускім – хутчэй савецкім.


Абодва гісторыкі, а таксама географ Ігар Шаруха, які прыняў удзел у круглым стале, уваходзяць у тапанімічную камісію пры гарвыканкаме. Яны распавялі пра яе працу і пра тое, якім вуліцам удалося прысвоіць назвы, датычныя постацям альбо падзеям беларускай гісторыі. Большасць гэтых вуліц новыя і знаходзяцца на ўскрайках гораду.


Аляксанд Агееў распавёў, што вуліца Віленская, нягледзячы на згоду гарвыканкама, так і не з“явілася на карце Магілёва з-за неперададзеных своечасова дакументаў. Ён прапанаваў падпісаць два звароты аб необходнасці перайменавання часткі вуліцы Лазарэнкі ў Віленскую, а частку вуліцы Ленінскай – у Ветраную. Прысутныя станоўча адгукнуліся на гэтую прапанову.

Адным з адмеркаваных пытанняў стала неабходнасць перайменавання раёнаў гораду. Як і падчас з“яўлення «Тапанімічнага маніфесту» былі ўзгаданы магчымая назвы – Задняпроўскі ці Лупалаўскі (цяперашні Кастрычніцкі) і Паўночны (цяперашні Ленінскі).

Прысутныя пагадзіліся, што працу для вяртання вуліцам Магілёва гістарычных назваў і прысваення назваў, датычных перш за ўсё гісторыі і культуры гораду, варта працягуць і актывізаваць.