На Коле прайшла прэм’ера дакументальнага фільма «Жанін»

Надзвычай шчымлівая і цёплая, хоць і вельмі сумная гісторыя. Гэты фільм прысвечаны Яніне (Жанін) Сташцы, адной з тысячаў рэпатрыянтаў, якая разам з бацькамі вярнулася ў Беларусь пасля другой сусветнай вайны. На той момант ёй было толькі 17 гадоў.

Тэкст і фота Алесь Сабалеўскі

Бацькі — выхадцы з Заходняй Беларусі, прыехалі на заробкі ў Францыю яшчэ да вайны, а Яніна нарадзілася ўжо ў Францыі, у невялікім горадзе на поўначы краіны. Пасля перамогі сталінскія эмісары ўгаворвалі многіх вярнуцца ў СССР, дзе ім абяцалі добрую працу, жыллё, а галоўнае — магчымасць вярнуцца назад, калі яны выкажуць такое жаданне.


Бацькі Жанін верылі савецкай прапагандзе і чыталі маскоўскія газеты, яны пагадзіліся, прыехалі ў Беларусь і назад ім шлях быў назаўжды зачынены… У красавіку 2019 года Жанін, ва ўзросце 89 гадоў, прыняла рашэнне з’ездзіць у Францыю, каб убачыць свой родны горад, школу і іншыя дарагія яе сэрцу месца. Фільм прысвечаны паездцы Жанін ў Францыю і рэпатрыянтам, якія сведчаць пра свае сем’і і лёсах.

На паказ завіталі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Беларусі спадар Дыдзье Канесс і аўтар фільму Уладзімір Бакун.
Пасля прагляду спадар Дыдзье Канесс распавёў перадгісторыю знаёмства з Жанін і іншымі рэпатрыянтамі, а рэжысёр больш падрабязна расказаў пра ўсе акалічнасці здымкаў стужкі. Фільм сапраўды вельмі кранальны, магілёўцы выказалі шмат добрых словаў аўтарам, задавалі пытанні, дзяліліся ўражаннямі.

Фільм, дарэчы, ужо паказвалі па АНТ, і плануецца яшчэ адзін паўторны паказ, акрамя гэтага, стужку купіў і тэлеканал Беларусь 3. Вельмі раю паглядзець.

Прагляд дакументальнага фільму "Жанін" з абмеркаваннем і сустрэчай з амбасадарам Францыі. Магілёў, Кола.

Опубликовано Alexandr Sobolewski Вторник, 24 сентября 2019 г.