Глядзіце як прайшла прэзентацыя БРАМЫ

Свет пабачыў чарговы нумар літаратурна-мастацкага альманаха «БРАМА» магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.

Прэзентацыя новага выдання прайшла на сядзібе Цэнтр Кола 9 чэрвеня. Як звычайна, імпрэзу наведалі самі аўтары, чые творы змешчаныя ў новым нумары, сябры аб’яднання СБП і магілёўскай суполкі ТБМ, іншыя прыхільнікі беларускага літаратурнага слова. Па традыцыі падобных сустрэч аўтары пачыталі нешта са свайго, падзяліліся сваімі гісторыямі, звязанымі з творчасцю і альманахам, распавялі пра планы і спадзяванні.


З уступным словам выступіў Міхась Булавацкі, ён жа і распавёў гісторыю пра сваё ліставанне з Аршанскім райвыканкамам наконт перайменавання ў Воршы вуліцы імя Скарыны на «Ільінскую» і акалічнасцяў з Крапівеньскім полем. «Эпісталярыі працягваюцца» — пад такім загалоўкам гэту гісторыю можна пачытаць у новым выданні «Брамы». Так сама на сустрэчы бралі слова Яраслаў Клімуць, Тамара Аўсянікава, Таццяна Барысік, Юрась Несцярэнка, Базыль Камароў, Аляксей Карпенка, Лявон Целеш. Вёў імпрэзу старшыня магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Мікола Яцкоў, а ў якасці музычнага заканчэння сустрэчы перад удзельнікамі выступіў Васіль Аўраменка.


Альманах «Брама» выдаецца з 2013 году, і новы нумар — шосты па ліку. Літаратурны зборнік змяшчае тэксты самай рознай тэматыкі — вершы і апавяданні, успаміны і пераклады, крытыку і кароткія агляды кніг. Адметнасць менавіта магілёўскага падобнага выдання ў тым, што ўсе творы ў ім друкуюцца толькі па беларуску. Аўтараў, хто піша па руску, перакладаюць і змяшчаюць у адпаведным раздзеле «Пераклады». Там жа можна пачытаць і творы з літаратурнай класікі ў перакладзе мясцовых літаратараў. Беларускасць — адна з умоваў выдання, якое задумвалася, каб пашыраць кола аматараў беларускамоўнай літаратуры, спрычыняць і заахвочваць аўтараў, што ствараюць на іншых мовах, каб паказаць, як могуць гучаць іх найлепшыя творы менавіта па беларуску.
Набыць новы нумар выдання можна ў кнігарнях горада і краіны.