У Магілёва з’явіўся свой унікальны фотаальбом

11254427_1554713931515050_1087702910475919814_n.jpg

Выстава-прэзентацыя ўнікальнага выдання «Магілёўскі фотаальбом. 1864-2000» распачалася ў Выставачнай зале Магілёва. Як вынікае з назвы кнігі, у ёй сабрана ўнікальная калекцыя фотаздымкаў магілёўскіх фатографаў ад самага пачатку ўзнікнення гэтага віду мастацтва ў нашым горадзе, змешчаны гістарычныя нарысы пра аўтараў здымкаў. «Магілёўскі фотаальбом» змясціў больш за 700 фотаздымкаў 57-мі майстраў гэтага віду мастацтва, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё фатаграфіі, паднялі сваёй працай узровень магілёўскай школы фотамастацтва на значную вышыню. Праўда, кніга пакуль існуе толькі ў адзіным экзэмпляры, сабрана прыкладна палова неабходнай сумы для выдання прыстойнага тыражу і ў добрай якасці, таму і было вырашана арганізаваць гэтую выставу. Магчыма, знойдзецца мецэнат, які зробіць неабходны ўнёсак, можа нешта збярэцца праз ахвяраванні грамадзянаў, бо сапраўды, выданне вельмі цікавае і неабходнае для гораду, бо што яшчэ больш рэальна можа расказаць пра наша жыццё, гісторыю, жыхароў гораду як не фатаграфія.
Трэба сказаць і пра стваральнікаў кнігі – укладальнікі і аўтары гістарычнага нарысу Аляксандр Ліцін і Ірына Савосіна, вёрсткай займаўся Генадзь Карчэўскі, дапамагаў у з’яўленні кнігі і кіраўнік магілёўскага фотаклубу «Радуга» Анатоль Талкачоў.


Ну а непасрэдна ў галерэі можна пабачыць 80 арыгіналаў і копіяў фотаздымкаў магілёўскіх фатографаў розных часоў, невялікую калекцыю фотатэхнікі, брашур, грамат і медалёў фотаклубаў ды фотавыстаў розных перыядаў магілёўскай фатаграфіі.

Тэкст Алесь Сабалеўскі