«Мова нанова» на Коле пра грошы і Караткевіча

Тэма чарговых заняткаў на курсах «Мова нанова Магілёў» бадай была адной з самых актуальных на сённяшні дзень – «Грошы», і не толькі з прычыны эканамічнай крызы і недахопу фінансавых сродкаў як ва ўсёй краіне, так і ў асабістых ды сямейных бюджэтах, але і ў сувязі з апошняй навіной пра запланаваныя дэнамінацыю і абмен старых грошаў на новыя. Пад час заняткаў студэнты курсаў узгадалі розныя грашова-банкаўскія тэрміны, даведаліся пра некаторыя гістарычныя факты, звязаныя з грашовым абарачэннем на нашых землях са старажытнасці да сённяшняга часу, пераклалі тэкст па гэтай тэматыцы, а творчым заданнем вечару была распрацоўка праекту новых беларускіх грошаў, якімі іх бачаць нашы рознаўзроставыя навучэнцы. Прыемным завяршэннем заняткаў стаўся незапланаваны выступ беларускага барда Андрэя Мельнікава, які гэтымі днямі гасцюе ў Магілёве, ён з задавальненнем пагадзіўся на запрашэнне вядоўцаў курсаў ды праспяваў некалькі сваіх вядомых твораў, у тым ліку і адну з песняў на першы верш Караткевіча «Машэка» – пра героя беларускага народнага падання, змагара супраць сацыяльнай несправядлівасці, высакароднага разбойніка, паводле адной з легендаў, каля магілы якога і ўзнік наш Магілёў. Дарэчы, як раз сёння, 24 лістапада, спадар Андрэй Мельнікаў адзначыў сваё 50-годдзе, з чым мы яго шчыра віншуем, а ўжо 26-га беларусы святкуюць і 85-ю гадавіну самога Уладзіміра Караткевіча.

Тэкст і фота Алесь Сабалеўскі