Асамблея правяла трэці Форум НДА у Магілёўскай вобласьці

14 лістапада грамадзкія лідэры і актывісты рэгіёну сабраліся, каб падзяліцца пасьпяховымі ідэямі, абмеркаваць праблемы і выклікі, якія стаяць перад мясцовай грамадзянскай супольнасьцю.

На Форум зьехалася больш за 90 дэлегатаў і гасьцей.  Мерапрыемства адбылося ў сядзібе “Кола” ў Магілёве.

151114_¦¦¦-¦¬¦-_¦-¦-¦¦¦¬¦¬¦¦¦-_045

На адкрыцьці Форуму Асамблеі НДА Віталь Васількоў, кіраўнік грамадзкага цэнтру “Кола”, выказаў надзею, што гэта сустрэча дапаможа лідэрам арганізацыяў і актывістам адрадзіць зьніклыя сувязі паміж людзьмі і арганізацыямі, вызначыцца з пэрспэктывамі і натхніцца на дзейнасьць.

151114_¦¦¦-¦¬¦-_¦-¦-¦¦¦¬¦¬¦¦¦-_041

Удзельнікаў Форуму таксама прывіталі Аляксандар Мілінкевіч(Рух “За свабоду!” ), Андрэй Бастунец (БАЖ), адзін з пачынальнікаў дэмакратычнага руху на Магілёўшчыне Анатоль Фёдараў, Алег Гулак (БХК) і Рыгор Кастусёў (ГА БНФ “Адраджэньне”).

Праца на Форуме няўрадавых арганізацыяў вялася ў сэкцыях, вынікі абмеркаваньня былі прэзэнтаваныя ўдзельнікамі напрыканцы мерапрыемства.

Вынікі працы сэкцыі праваабарончых НДА прэзэнтаваў сп. Краўчанка. Ён заўважыў, што па абарону правоў грамадзкія актывісты часта зьвяртаюцца, калі ўжо позна, калі адбылося парушэньне правоў, часта, у брутальнай форме.

151114_¦¦¦-¦¬¦-_¦-¦-¦¦¦¬¦¬¦¦¦-_055

На думку ўдзельнікаў гэтай групы трэба адстойваць правы і патрабаваць ад дзяржавы іх выкананьня штодня. Удзельнікі сэкцыі прыйшлі да высновы, што найбольш эфэктыўным мэтадам абароны правоў застаюцца калектыўныя формы. Важна, каб у сэктары прысутнічала салідарнасьць і супраца, таму што немагчыма пабудаваць прававую дзяржаву ў асобна ўзятым рэгіёне, трэба каб праца па абароне правоў чалавека вялася ва ўсіх абласьцях, і кожны рэгіён дапамагаў іншым у гэтай працы. “Ніхто ня дасьць нам правы, трэба іх дамагацца”, — падсумавалі ўдзельнікі.

151114_¦¦¦-¦¬¦-_¦-¦-¦¦¦¬¦¬¦¦¦-_052

Сэкцыя “НДА і палітыка” на Форуме была самай прадстаўнічай. Менавіта там разгарнуліся найбольш гарачыя дыскусіі. Удзельнікі выказаліся за паглыбленьне супрацы, інтэнсыфікацыю дзеяньняў у межах абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў, за аб’яднаньне магчымасьцяў палітычных партыяў, рухаў і няўрадавых арганізацыяў. Удзельнікі сфармулявалі для сябе мэту: аб’яднаць сілы грамадзкіх арганізацыяў дзеля пашырэньня палітычных свабод грамадзтва праз працу ў сацыяльна-эканамічных кірунках і адстойваньне правоў чалавека.

Удзельнікі сэкцыі “Моладзевыя НДА” паведамілі, што кожны дзень сутыкаюцца з праблемамі, такімі як: слабая грамадзкая актыўнасьць моладзі, апатыя і страх, праблемы з адсутнасьцю каштоўнасьцяў у моладзі, а таксама ўзьдзеяньне на маладых заідэалягізаваных грамадзкіх аб’яднаньняў. У гэтай сытуацыі мясцовыя НДА павінны зрабіць стаўку на новыя формы працы з моладзьдзю, інфармаваньне і асьвету з выкарыстаньнем сучасных падыходаў, а таксама няварта адмаўляцца ад супрацоўніцтва са “старымі” НДА, запытвацца ў іх парадаў і пераймаць досьвед.

151114_¦¦¦-¦¬¦-_¦-¦-¦¦¦¬¦¬¦¦¦-_050

У сэкцыі сацыяльных і гуманітарных НДА агучылі праблемы, зь якімі яны сутыкаюцца: існуе спажывецкі падыход да працы сацыяльных НДА (выкарыстоўваюць і зьвяртаюцца да іх людзі толькі ў моманты патрэбаў), прадзяржаўныя ГА часта выкарыстоўваюць ідэі, распрацаваныя няўрадавымі арганізацыямі (плагіят ідэяў), у прадзяржаных ГА, якія працуюць на гэтым полі, штат не мяняецца дзясяткі гадоў, няма матывацыі, а пляны дзейнасьці, фактычна, спускаюцца зьверху. Удзельнікі сэкцыі прыйшлі да выстновы, што ў гэтай сытуацыі незалежныя сацыяльныя НДА могуць адыграць важную ролю ў дапамозе грамадзянам, якія спрабуюць вырашыць свае сацыяльныя праблемы.

Прадстаўнікі сэкцыі “СМІ і НДА” паведамілі пра кепскую сытуацыю ў сваёй сфэры. Зарэгіставаных газэт становіцца ўсё менш і менш, а інтэрнэт-рэсурсаў больш не зьяўляецца. Пакуль лідэрамі ў мэдыясфэры рэгіёну ўдзельнікі вылучылі партал TUT.by і сайт “Наш Магілёў”. Удзельнікі сэкцыі адзначылі, што ня могуць пахваліцца ўплывам на грамадзтва, калі перад мэдыямі хутчэй стаіць пытаньне выжываньня, а не разьвіцьця.

Адной з частак Форуму прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў прэзэнтавалі сваю дзейнасьць, дзяліліся пасьпяховымі практыкамі і ідэямі. Напрыканцы Форуму адбылася музычная імпрэза з удзелам Тацяны Матафонавай і папулярнага магілёўскага гурта The Burduks.

Нагадаем, што падобны Форум праходзіў у Магілёўскай вобласьці ў трэці раз. У 2009 годзе мерапрыемства было адзначана прэміяй “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” у намінацыі“Рэгіянальная падзея году”.

Фота — Дзяніс Васількоў