Рома прыедзе на «Кола»!

0

Напрыканцы жніўня на электронным мультылэйбле «Пяршак» анлайн-часопіса 34mag.net адбылася прэзентацыя другой часткі кнігі «Рома едзе» Рамана Свечнікава.

Гэтым завяршаецца авантурная гісторыя трохгадовага падарожжа беларускага хлопца вакол свету, якая спачатку пераўтварылася ў асобны мультымедыя-праект у межах часопіса 34mag.net, а потым стала кнігай, што цяпер жыве па сваіх уласных законах.

За тры гады Раман Свечнікаў аб’ехаў увесь свет: ад Беларусі да Малайзіі, ад Аляскі да Аргенціны, а яго шчырыя і бескампрамісныя нататкі набылі вялікую папулярнасць сярод чытачоў. Першая частка кнігі «Рома едзе» стала летась адным з галоўных беларускіх бестселераў.

«Праз гэтыя тэксты я выварочваю свае дзіравыя кішэні і здымаю з сябе ўсё, што яшчэ не парвалася ад старасці, – кажа пра кнігу яе аўтар. – Крок па кроку я прабіраюся ўглыб уласнага міфа. Я гляджу ў гэтыя старонкі як у люстэрка. У іх – усе мае д’яблы з факеламі, у іх мае начныя страхі і дзіравыя лёгкія».

На пачатку жніўня 2015 года ў калабарацыі з выдавецтвам «Логвінаў» 34mag.net выдаў папяровую версію другой часткі кнігі «Рома едзе», якую можна набыць у кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасці, 37а), а таксама ў інтэрнэт-крамах vilka.by і knihi.by.

Цягам гэтага верасня адбудзецца шэраг прэзентацый «Рома едзе. Кніга 2» і сустрэч Рамана Свечнікава з чытачамі:

 

  • 2 верасня – прэзентацыя ў Магілёве, у цэнтры «Кола» (зав. Чкалава, 16);

Пачатак усіх мерапрыемстваў а 19.00, уваход вольны.

Зараз Рома Свечнікаў і рэдактар кнігі «Рома едзе» Барыс Нікалайчык працуюць над трэвел-докам па матывах падарожжа вакол Беларусі на кітайскіх роварах з маторамі, які пабачыць свет напрыканцы 2015 года.

Таксама нядаўна стала вядома, што з аўтарытэтным расійскім выдавецтвам Corpus заключана дамова на рускі пераклад «Рома едзе». Выхад кнігі запланаваны на вясну 2016 года.

 

Электронны рэліз «Рома едзе. Кніга 2» на «Першаку» 

Праект «Рома едзе» на сайце 34mag.net http://34mag.net/roma-edze