Cібірскія беларусы з Іркуцку на «Коле»

Па запрашэнні магілёўскага ТБМ к нам у госці завіталі сібірскія беларусы з Іркуцку – Алег Рудакоў і Воля Галанава.

11012094_950876034992274_7474290810648923604_n

Спадар Алег трапіў у далёкі край з роднае Беларусі ў апошнія гады існавання СССР у якасці курсанта вайсковай вучэльні і застаўся там пасля яе заканчэння. З першых момантаў стварэння нашых незалежных краін ён пачаў гуртаваць вакол сябе беларускую суполку, здзівіўшыся вялікай колькасці этнічных беларускіх вёсак, якія былі заснаваныя на пачатку 20-га стагоддзя «сталыпінскімі» перасяленцамі ды захавалі багата звычаяў і традыцый сваёй радзімы. Дзякуючы намаганням Алега Рудакова стварылася шмат беларускіх аб’яднанняў, суполак, гурткоў, пачаліся шырока адзначацца народныя беларускія святы ды абрады.
Разам з Алегам Беларусь наведала цудоўная і прыгожая дзяўчына Воля Галаева, кіраўніца клубу беларусаў Іркуцку «Крывічы». Продкі Волі патрапілі ў Сібір крыху пазней, у суворыя 30-я, і сярод іх ужо было не вельмі прынята (ды і небяспечна) распавядаць пра сваё ранейшае жыццё ды трымацца былых традыцый, але ж нейкае ўнутранае пакліканне прывяло яе да беларускасці, заахвоціла вывучыць родную мову, пачаць спяваць (і вельмі цудоўна) народныя песні, адраджаць беларускія абрады ды займацца вырабам народных строяў.
Вельмі займальна і з захапленнем распавялі госці гісторыі свайго за-беларускага жыцця, акалічнасці з’яўлення беларусаў у далёкіх і нязвыклых прасторах Сібіру, пра стварэнне беларускіх нацыянальных суполак у нашыя часы і адраджэнне ды падтрыманне традыцый нашых продкаў за тысячы вёрстаў ад Радзімы. Акрамя ўсяго, Алег і Воля яшчэ і стваральнікі музычнага гурта «Крывічы», які збірае і выконвае аўтэнтычныя спевы беларусаў, што захаваліся ў такіх амаль адасобленых мясцінах можа нават лепей, чым на бацькаўшчыне, а некалькі песень праспявалі дуэтам.
Толькі самыя цёплыя пачуцці і светлыя ўражанні атрымалі магілёўцы, якія прыйшлі на гэтую сустрэчу з сапраўднымі беларусамі далёкага і халоднага Сібіру.

11825741_950876038325607_7748913655716299550_n 11204876_950876021658942_5327580967218584401_n 11800136_950876024992275_3119299525426718394_n 11012094_950876034992274_7474290810648923604_n

 

Тэкст і фота: Алесь Сабалеўскі