Вырасла колькасць наведнікаў курсаў «Мова нанова» ў Магілёве

d985923ab50bb6bd9782cfe22c90e34b_w720_h487_q95

З кожнай сустрэчай павялічваецца колькасць удзельнікаў моўных курсаў «Мова нанова — Магілёў».

На апошніх занятках, прысвечаных архітэктуры, удзельнікі не толькі вандравалі ў прасторы і часе, але таксама праглядзелі невялічкае відэа пра Магілёў, якое было зроблена ажно ў 1993 годзе. Акрамя таго, слухачы курсаў праслухалі міні-лекцыю пра гісторыю сусветнага дойлідства ад магілёўскай архітэктаркі Алены Крэўчык. А напрыканцы пазнаёміліся з праектам вяслярнага канала, што будуецца ў раёне вуліцы Фаціна, з якім пазнаёміла прысутных яшчэ адна архітэктарка Галіна Калюжная.

Добрай традыцыяй заняткаў стаў мовазнаўчы конкурс, пераможца якога атрымлівае падарунак. На сённяшніх занятках падручнік па беларускай арфаграфіі атрымаў лекар Алесь Касцюковіч.

«Мова нанова» — найбольш папулярныя з моўных курсаў, хваля якіх пайшла ў апошнія гады. «Мова нанова» праводзіцца не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах. У Менску таксама адбываюцца заняткі «Моваведы». У той жа час курсы «Мова ці кава», якія з’явіліся ў свой час першымі, закрыла іх заснавальніца Каця Кібальчыч, праз канфлікт з вядоўцамі.