Пра прэзыдэнта-алімпійца, адзінага кандыдата і беларускія рэаліі, — Павал Севярынец у Магілёве

24 траўня былы вязень сумленьня Павал Севярынец прэзэнтаваў у Магілёве сваю новую кнігу «Беларуская глыбіня».

20140524_севярынец на коле_001

 

 

 

20140524_севярынец на коле_003

 

Паводле аўтара ў ёй сабраныя эсэ пра тое, чаго не хапае цяперашнім беларусам. Тэксты для кнігі палітык пісаў у няволі. У Магілёве ж Павал Севярынец гаварыў ня толькі пра зьмест кнігі, але і наагул пра беларускія рэаліі.

На прэзэнтацыю другой нявольніцкай кнігі Паўла Севярынца ў грамадзкі цэнтар «Кола» прыйшлі два дзясяткі чалавек — перадусім паплечнікі палітыка па стварэньні партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя. Былі і актывісты з іншых грамадзкіх арганізацыяй ды простыя людзі.

Гаворачы пра сваю новую кнігу Павал Севярынец заўважае, што яна «не пра беларускую глыбінку, а пра глыбіню Беларусі ды беларускага сэрца, у якой бачыцца будучыня».

«У ёй, — кажа былы сядзелец куплінскай спэцкамэндатуры, — ёсьць усё тое чаго цяпер не хапае беларусам. Яны думаюць, што нехта прыйдзе з Захаду, ці з Усходу і дапаможа ім. Але ўсё што можа ім дапамагчы побач з імі — толькі варта прыгледзіцца».

Бальшыня тых хто сёньня прыйшоў на прэзэнтацыю — маладыя людзі. Пра паўстаньне моладзевага супраціву сярэдзіны дзевяностых яны ведаюць з гістарычнай пэрыёдыкі. Павал Севярынец — адзін з тых, хто пачаткаваў той моладзевы рух, які правіў сябе ўвесну 1996 году.

20140524_севярынец на коле_005

20140524_севярынец на коле_008

 

Пакаленьне моладзі «Менскай вясны 96 году» ён называе легендарным. Яно, паводле палітыка, нарадзілася на зломе эпохаў. Пра здольнасьць цяперашняга пакаленьня моладзі да грамадзкага супраціву Павал Севярынец кажа:

«Патэнцыял для супраціву ёсьць і ў сёньняшняга пакаленьня. У тых з кім мне давялося сядзець у спэцкамэндатуры (а гэта пераважна маладыя людзі) адчуваецца прага і цікавасьць да Беларусі. У іх ёсьць жывая вера ў яе. Ёсьць у моладзі пэўны цынізм і абыякавасьць, паняверка і адчай. Мы ж ведаем, што Беларусь адна зь першых па спажываньні алькаголю і самагубствам. Ахвяры гэтага перадусім моладзь. Вялізная колькасьць абортаў — таксама маладыя дзяўчаты».

На прэзэнтацыі зайшла гаворка і пра надыходзячыя прэзыдэнцкія выбары. На думку Паўла Севярынца выбараў і самой перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі ня будзе. Тыя ня менш ён лічыць, што грамадзтву варта кансалідавацца вакол альтэрнатыўнага Лукашэнку вылучэнца.

«Адзіны кандыдат патрэбны, каб адзіным голасам размаўляць і зь беларускім народам, Захадам і Расеяй. Калі ў нас, крый божа, здарыцца тое, што цяпер мы назіраем ва Ўкраіне, то беларускаму народу патрэбна будзе згуртаванасьць. Патрэбны будзе моцны незалежніцкі лідэр — такі, якім у свой час быў Зянон Пазьняк. Гэта можа быць лідэр байкоту, ці пераменаў, альбо проста лідэр альтэрнатывы».

Што да дзейнага прэзыдэнта, то, на думку Паўла Севярынца, ён запоўніцца як «прэзыдэнт-алімпіец».

«Акрамя памяці пра рэпрэсіі і ягоную ролю ў разбурэньні беларускай дзяржаўнасьці і культуры ў гісторыі ён застанецца рупліўцам спорту, — тлумачыць палітык, — Хакей яскравы таму прыклад. Прэзыдэнт-алімпіец — народ будзе згадваць яго такім чынам», лічыць Павал Севярынец.

Паўла Севярынца арыштавалі 20 сьнежня 2010 году ва ўласнай кватэры і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, пазьней справу перакваліфікавалі на арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

16 траўня 2011 году судзьдзя Заводзкага суду Менску Жана Брысіна асудзіла Севярынца на 3 гады гэтак званай «хіміі» — абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Адбываў пакараньне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну, дзе і была напісаная кніга «Беларуская глыбіня».

 

20140524_севярынец на коле_011

Тэкст: svaboda.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.