Грамадзкая дыскусыя «Праская вясна 1968»

Грамадзкая дыскусыя «Праская вясна 1968. Вацлаў Гавэл і вызначальная моц маральнага выбару на карысьць дэмакратыі і Эўропы» прайшла 11 траўня 2018 у Цэнтры «Кола» у Магілёве. Сьпікерамі выступілі намесьнік Амбасадара Чэскай Рэспублікі ў Беларусі Павал Бучэк і акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледваньняў (BISS) Пётра Рудкоўскі. Вёў дыскусыю Алесь Лагвінец.

Пётра Рудкоўскі

Прыводзім канспэкт прамовы Пётры Рудкоўскага, што тычылася таталітарызму ў грамадзтве, крызісу лібэральнага парадку і моцы маральнага выбару.

Сіла бясьсільных

Калі на хвалі Аксамітнай Рэвалюцыі ў Чэхаславакіі Вацлаў Гавэл быў вынесены на пасаду кіраўніка дзяржавы, праблемаў было не пачаты край. Як трапна апісаў той стан Джордж Вайгель: «краіна прадукавала тавары, якіх за мяжой ніхто не хацеў купляць, у той час як у самой краіне не хапала самых асноўных прадуктаў. «Дзяржава рабочых» эксплуатавала гэтых рабочых і марнавала скупыя рэзэрвы айчыннай энэргіі. Сыстэма адукацыі дысфункцыянальная. Сярэдні ўзровень жыцьця самы нізкі ў Эўропе. Паветра, вада і зямля былі жахліва забруджаныя».

Вось у якім стане краіну спаткаў Вацлаў Гавэл ад камуністычных папярэднікаў. Аднак, у сваім першым звароце да народу, ён, замест таго каб зводзіць рахункі з палітычнымі апанэнтамі (маўляў, вось да чаго яны давялі), указаў на глыбінную праблему чэхаславацкага грамадзтва:

Найгорш, аднак, тое, што мы жывем у атручаным маральным асяродзьдзі. Адчуваем сябе маральна хворымі, бо мы прывыклі гаварыць адно, а думаць іншае. Мы навучыліся ня верыць ні ў ва што, грэбаваць адно адным, клапаціцца толькі пра сябе саміх.

Калі гавару пра атручаную маральную атмасфэру, то гавару пра ўсіх нас. Мы ўсе прывыклі да таталітарнай сыстэмы і прынялі яе як незваротны факт, спрычыняючыся тым самым да яго замацаваньня. Інакш кажучы, мы ўсе — хоць, канешне ж, у рознай ступені, — адказныя за дзеяньне таталітарнай машыны. Ніхто з нас не з’яўляецца адно толькі ахвярай — мы ўсе з’яўляемся таксама яе творцамі.

Ня ведаю, як успрымалі гэтыя словы грамадзяне Чэхаславакіі. Здагадваюся, што не адзін мог падумаць альбо сказаць: як так? Замест таго, каб загрымець з асуджэньнем сьвежа зьвергнутых дэспатаў, нашых крыўдзіцеляў, выкрыць усю іх сатанінскую сутнасьць, ён заяўляе, што, маўляў, мы ўсе вінаватыя?

Каб лепш зразумець пасыл прэзыдэнта Чэхаславакіі, варта зьвярнуцца да яго эсэ Сіла бясьсільных, напісанага яшчэ ў змрочныя 70-ыя гады. Там Гавэл малюе вобраз дырэктара крамы з гароднінай, які паміж цыбуляй і морквай павесіў плякат: Пралетарыі ўсіх краінаў, яднайцеся!

У гэты лёзунг той дырэктар крамы ня верыў, роўна ж як ня верылі ў яго сотні тысячаў яго суайчыньнікаў. Але ён, гэтаксама як і сотні тысячаў іншых, вырашыў хавацца ў нару паказной ляяльнасьці, вырашыў фальшаваць свае сапраўдныя перакананьні.

Вывешваньне ідэалягічнага лёзунгу было нічым іншым, як рабскім сыгналам, пушчаным «вярхам», што «я, дырэктар крамы з гароднінай, знаходжуся ў стане гатоўнасьці і ведаю, што павінен рабіць; я паводжу сябе так, як таго ад мяне чакаюць. Я — паслухмяны, такім чынам, заслугоўваю тое, каб жыць у спакоі».

Маленькая ідэалягічная дэкарацыя — што ж тут, здавалася б, такога? Дробязь. Аднак, такая «дробязь» цэмэнтуе таталітарную дзяржаву. Каментар Джорджа Вайгеля: «Дастаткова памножыць сотні тысячаў разоў на гэтую быццам бы нязначную саступку фікцыйнага дырэктара крамы з апавяданьня Гавэла, а таксама страх, які ён матэрыялізуе, каб зразумець штодзённую рутыну аўтадэградацыі, якая перапаўняла жыцьцё ў камуністычнай дзяржаве: гэта было жыцьцё ў хлусьні».

Крызіс лібэральнага парадку?

У рапарце, выдадзеным з нагоды Мюнхенскай канфэрэнцыі па бясьпецы 2017 году, азагалоўленым «Пост-праўда, пост-Захад, пост-парадак?», скразной была канстатацыя, што сьвет стаіць перад абліччам «нелібэральнай часіны» (illiberal moment). Ва ўступным слове Вольфганг Ішынгер, старшыня МКБ, з горыччу адзначаў, што зараз мы назіраем кансалідацыю «непрыяцеляў адкрытага грамадзтва». Драматызму гэтай часіне дадае той факт, што нелібэральныя трэнды даюць пра сабе знаць унутры заходняга сьвету. «Freedom House», на дадзеныя якіх спасылаецца рапарт, даносіць, што 2016 год — гэта ўжо 11 год, калі бесперапынна назіраецца спад узроўню правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў у глябальным маштабе. Чвэрць краінаў, у якіх наступіла дэградацыя, прыпадае на Эўропу.

У лютым 2018 году, хоць тэма «лібэральнага парадку» не была пазначаная ў якасьці ключавой падчас чарговай Мюнхенскай канфэрэнцыі, то ўсё ж надалей займала шмат месца ў дэбатах. 16 лютага, у першы ж дзень канфэрэнцыі, адбылася «начная сэсыя» пад пытальнай назвай «Лібэральны міжнародны парадак пад пагрозай?» У канфэрэнцыйным рапарце 2018 году тэза пра крызіс лібэральнага парадку таксама прысутнічае (у розных фармулёўках), а да таго ж знаходзім тут своеасаблівую дыягностыку праблемы: «Трамп і яму падобныя лідары ў іншых частках Захаду прасоўваюць нелібэральнае разуменьне заходняй цывілізацыі, заснаванае на гісторыі, культуры і рэлігіі, а не на лібэральных каштоўнасьцях і дэмакратычных дасягненьнях».

Пра крызіс «лібэральнага парадку» або / і «заходняй цывілізацыі» чуваць з розных бакоў. Апублікаванае ў 2018 годзе даследаванбне арганізацыі «Freedom Housе» мае амаль алярмісцкі загаловак: «Дэмакратыя знаходзіцца ў стане крызісу». Ня меней трывожныя загалоўкі раз-пораз з’яўляюцца ў вядучых сусьветных пэрыёдыках: «Лібэральны парадак апошніх 70-ці гадоў пад пагрозай» (The Economist, верасень 2017); «Лібэральны міжнародны парадак у кепскім стане» (The Financial Times, студзень 2018).

Каб усьвядоміць шырэйшы кантэкст праблемы, прыгледзьмася, якім чынам «нелібэральныя прынцыпы» прасоўваюцца ў палітычнай практыцы. 26 ліпеня 2014 прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан сказаў у прамове да студэнтаў:

Найбольш распаўсюджаны спосаб мысьленьня сёньня палягае ў спробе зразумець, якім чынам незаходнія сыстэмы, нелібэральныя, не-лібэральна-дэмакратычныя, а можа і ўвогуле не-дэмакратычныя, могуць тым ня меньш зрабіць свае народы пасьпяховымі.

На думку Орбана, сьвет фундаментальна зьмяніўся ў 2008 годзе. Заходні сьвет перастае быць пунктам аднаньня. «Зоркамі для міжнародных аналітыкаў з’яўляюцца Сінгапур, Кітай, Індыя, Расея і Турэччына».

Гэтыя словы прывялі ў аслупяненьне некаторых аналітыкаў і ідэолягаў, для якіх верхавенства лібэральнага парадку здавалася аксыёмай і якія не маглі ўявіць, што хтосьці зь вядучых эўрапейскіх палітыкаў можа вось так выказацца пра лібэральныя каштоўнасьці. «Я ніколі ня думаў, што нацыянальны лідар, прычым эўрапейскі, можа выкарыстаць тэрмін [«нелібэральная дэмакратыя»] як нешта, чым можна ганарыцца», — пісаў у The Washington Post Фарыд Закарыя, вядомы амэрыканскі палітоляг. Але, як відаць, лібэральным мысьлярам трэба зьмірыцца з тым, што крытыцызм адносна заходняга ідэалягічнага мэйнстрыму ўзрастае ўнутры Эўропы і на дадзены момант ня толькі Віктар Орбан дыстанцуецца ад «лібэральнага парадку», але таксама і ўплывовыя палітыкі ў Польшчы, Славаччыне, Чэхіі, Аўстрыі, Нідэрляндах ды іншых краінах.

Вызначальная моц маральнага выбару

Ключ да пераадоленьня крызісу лібэральнага парадку — рэабілітацыя ідэі праўды, асабліва маральнай праўды (згоднасьць думак і словаў, а таксама словаў і дзеяньняў).

Няхай гучыць у нашых сумленьнях гэты пасыл — цэнтральны для Гавэла, Шумана і Яна Паўла ІІ: адкінуць фальш, скінуць маску, вярнуць праўду ў прыватнае і грамадзкае жыцьцё.