Дэбаты ў Коле: Моладзевыя лідары vs. Журналісты

Бажаўцы Магілёўшчыны 25 студзеня зладзілі дэбаты “Моладзевыя лідары vs. Журналісты: як узаемадзейнічаць?”. Дыскусія была няпростай. Пра гэта піша сайт БАЖу.

У сустрэчы удзельнічалі больш за дваццаць чалавек з розных рэгіёнаў Магілёўскай вобласці.

Перад пачаткам дэбатаў сябры ГА “БАЖ” Магілёўшчыны амаль паўтары гадзіны абмяркоўвалі няпростую сітуацыю, якая склалася з незалежнымі СМІ у Магілёве і рэгіёнах вобласці. Сваё бачанне шляхоў вырашэння існуючых праблем выказалі старшыня Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” Барыс Вырвіч, галоўны рэдактар сайта “Магілёўскі рэгіён” Зміцер Салаўёў, палітык Рыгор Кастусёў, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі, журналісты Аляксандр Буракоў, Сяргей Аржанцаў, Валерый Каранкевіч і іншыя.

Валерый Каранкевіч

Валерый Каранкевіч (на першым плане)

Па выніках абмеркавання бажаўцы Магілёўшчыны вырашылі працягнуць працу па актывізацыі дзейнасці інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён”. Таксама было вырашана звярнуцца за парадай і кансультацыйнай дапамогай да кіраўніцтва ГА “БАЖ”, абмеркаваць з лідарамі арганізацыі сітуацыю, якая склалася ў незалежным медыя-сектары Магілёўшчыны.

Пасля сканчэння працоўнай нарады да сябраў ГА “БАЖ” далучыліся грамадскія актывісты і распачаліся дэбаты “Моладзевыя лідары vs. Журналісты: як узаемадзейнічаць?”.

Пазіцыю моладзевых лідараў Магілёва прадстаўляў грамадскі актывіст Мікалай Сувораў, яго апанентам быў карэспандэнт БелаПАН, вядомы магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч.

Мікалай Сувораў

Мікалай Сувораў

У сваім выступе Мікалай Сувораў коратка распавёў пра тую грамадскую дзейнасць, якой ён займаецца ў Магілёве, асабліва спыніўшыся на арганізацыі сумесных кінапраглядаў і абмеркаванняў фільмаў у “Кінаклубе 451 F”. Менавіта Мікалай Сувораў з’яўляецца арганізатарам праекта “Кінаклуб 451F” і вядоўцам яго дыскусійнай часткі.

Мікалай адзначыў, што ў Магілёве даволі цяжка “знайсці” журналістаў, каб распавесці ім пра дзейнасць грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, якая можа быць цікавай людзям. У прыватнасці, пра дзейнасць яго ініцыятывы “Кінаклуб 451F” нешта пісалі толькі магілёўскія рэсурсы mspring.online і masheka.by, і адбывалася гэта толькі дзякуючы таму, што ён добра ведае рэдактароў гэтых рэсурсаў Аляксандра Буракова (малодшага) і Юрыя Плоткіна.

Уладзімір Лапцэвіч і Аляксандр Буракоў

Уладзімір Лапцэвіч і Аляксандр Буракоў

Сувораў выказаў пажаданне, каб у Магілёве журналісты былі больш дасяжныя, каб яны былі больш медыйнымі персонамі. Таксама ён адзначыў, “што ўсе ведаюць TUT.BY, а пра існаванне нейкіх магілёўскіх рэсурсаў нават не чулі”.

Таксама Мікалай распавёў, што ён не ведае пра існаванне інтэрнэт-сайта ГА “БАЖ” і амаль нічога не чуў пра дзейнасць гэтай арганізацыі. Як і пра інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое Мікалай Сувораў паблытаў з БелТА. Па словах грамадскага актывіста, інфармацыю аб дзейнасці сваёй ініцыятывы ён распаўсюджвае праз сацыяльную сетку “УКантакце”, бо менавіта там можна знайсці і зацікавіць сваю мэтавую аудыторыю.

Дарэчы, неабходна адзначыць, што Мікалай Сувораў быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што і Аляксандр Буракоў (малодшы) і Юрый Плоткін, і Алесь Сабалеўскі, які пісаў пра дзейнасць “Кінаклуба 451F”, і Дзяніс Васількоў, дзякуючы дапамозе якога адбываюцца кінапрагляды ў кінаклубе, з’яўляюцца сябрамі ГА “БАЖ” і што праз гэтых людзей без усялякіх праблем можна знайсці кантакты ўсіх незалежных магілёўскіх журналістаў.

 Алесь Сабалеўскі

Алесь Сабалеўскі

Не пагадзіўся з тым, што ў Магілёве складана знайсці выхад на прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці і апанент Мікалая Суворава Уладзімір Лапцэвіч.

Спадар Лапцэвіч выказаў меркаванне, што маладым грамадскім актывістам няма ніякай праблемы найсці патрэбныя кантакты. Проста неабходна быць больш актыўнымі і самім прыкласці хоць мінімальныя высілкі, каб гэта зрабіць.

“Самае галоўнае — паказаць, што іх ініцыятыва цікавая, што гэта патрэбна людзям, і журналісты абавязкова распавядуць пра іх дзейнасць”, — адзначыў Уладзімір Лапцэвіч. Таксама Лапцэвіч падкрэсліў, што ёсць тэмы, якія могуць не зацікавіць карэспандэнтаў цэнтральных рэсурсаў, але будуць цікавыя для рэгіянальных СМІ.

Уладзімір Лапцэвіч параіў маладым актывістам рабіць рассылкі альбо прэс-рэлізы з указаннем запланаваных да правядзення мерапрыемстваў, тады журналісты змогуць выбраць, што іх зацікавіць і пра што можна распавесці грамадскасці. У якасці прыкладу журналіст прывёў дзейнасць магілёўскага “Цэнтра гарадскіх ініцыятыў”, які рэгулярна так робіць.

Мадэратар дэбатаў Аляксандр Буракоў (старэйшы) выказаў меркаванне, што праблема ў арганізацыі ўзаемадзеяння паміж грамадскім актывістамі і журналістамі ўсё ж існуе.

“У грамадскі сектар прыходзяць новыя асобы і яны не могуць знайсці кантакты са “старой тусоўскай””, — адзначыў Буракоў. Маладое пакленне не ведае, як працуе медыярынак, і ў Магілёве ёсць праблема выхада на журналістаў, бо маладых актывістаў ведаюць далека не ўсе журналісты.

Барыс Бухель

Барыс Бухель

Іншыя ўдзельнікі сустрэчы, у большасці, з такой пазіцыяй не пагадзіліся. У сваіх выступах Рыгор Кастусёў, Петр Мігурскі, Валерый Каранкевіч, Барыс Бухель, Дзяніс Васількоў падкрэслівалі, што грамадскім актывістам неабходна самім праяўляць крыху больш актыўнасці. У Магілёве пленна працуе ГЦ “Кола”, дзе можна без усялякіх высілкаў атрымаць усю неабходную інфармацыю

Магілёўскі журналіст Алесь Сабалеўскі адзначыў, што “не трэба казаць, што ўсё кепска”. Сабалеўскі выказаў меркаванне, што шмат якім грамадскім арганізацыям і ініцыятывам кантакты з журналістамі СМІ самім не вельмі неабходныя, ім хапае толькі кантактаў у сацыяльных сетках.

Дэбаты ў Магілёве працягваліся больш за паўтары гадзіны. Напрыканцы мерапрыемства іх удзельнікі зрабілі агульную выснову, што такія нефармальныя дыскусіі карысныя і для журналістаў, і для прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і ініцыятыў.

Мерапрыемства ўжо традыцыйна прайшло ў гасцінных сценах ГЦ “Кола” у Магілёве.